З журналісцкага блакнота

Стары журналісцкі блакнот нагадвае мне калейдаскоп: туды-сюды старонкі перагарнуў — і на знаёмых спісаных лістках-“шклінках” натрапіў на нешта цікавае, што раней засталося па-за ўвагай. Неяк перагледзела спісаныя лісткі і… напісала гэтыя“ карацюлькі”.

З журналісцкага блакнота
З журналісцкага блакнота

Святая прастата

Куток, дзе мне давялося нарадзіцца, апеў у сваіх творах сам Якуб Колас, які некаторы час тут жыў і працаваў. Таму да вёскі Люсіна ў мяне адносіны асаблівыя. Ды яшчэ таму, што людзі тут жывуць самабытныя — простыя і шчырыя, з гадамі не губляюць умення здзіўляцца.

Вось і новая знаёмая, Марыя Андрэеўна, у свае без малога семдзесят пяць, глядзіць на свет па-дзіцячы адкрытымі вачыма, не перастае закідваць пытаннямі аб журналісцкай справе, аб тым, што ў свеце дзеецца. Фатаграфую субяседніцу на лічбавы фотаапарат, выводжу здымак на экран і паказваю:
— Паглядзіце, ці падабаецеся сабе?..

Марыя Андрэеўна глядзіць на сваю выяву, згаджаецца, што фотаздымак атрымаўся нядрэнны, а потым раптам пляскае ў далоні:
— І божачкі! А як жа вы сюды яго закінулі і як адсюль дастанеце?!.

“Бясцэнны” падарунак

Вяселле падыходзіла да свайго, як кажуць, апафеозу. Вось ужо вядучы сцішыў падвыпіўшых гасцей моцным выгукам: “Гуляць дык гуляць, а як прыйдзе час дарыць, дык няхай яно згарыць! І ўсё ж па традыцыі надышоў час гасцям патрэсці кішэні…”.

Суседка за сталом, маладая спакойная жанчына, дастала з кішэні мужа падрыхтаваную паштоўку, раскрыла яе і, нібы вінуючыся, патлумачыла:
— Мы вырашылі не ў канверце грошы дарыць, а ў паштоўцы: і прыгажэй — вось і вершык напісалі, і больш шчыра. А то нам, калі мы бралі шлюб, падарылі канверт. Без подпісаў, без марак і… без грошай. Як пазней даведаліся, такія падарункі ў нашым раёне і іншыя маладажоны атрымлівалі.

У палоне д’ябла

У адной з паездак збіраю гістарычныя звесткі аб мясцовасці. Дапамагае мне Антон Іванавіч. Яму, як і многім іншым пенсіянерам, не хапае зносін з людзьмі, таму ён словаахотліва расказвае пра ўсё, чым багата памяць, і час ад часу адхіляецца ад тэмы гаворкі. Духоўная тэматыка — “канёк” самазванага філосафа. Згадваючы аднаго са знаёмых служыцеляў царквы, ён робіць асабістыя высновы:
— Бацюшка — ён той самы артыст. Мо ці сам верыць у Бога, але ж моліцца, ды гэтак, здаецца, шчыра і акуратна. А каб яшчэ не піў зусім, эх, і харошы быў бы бацюшка! Але да яго, бачыце, чорт ці д’ябал падлез і ім моцна валодае. Хаця ён сваю ролю добра ведае…

Ці то фуражка вочы засціць?

Настаўніца прыязна адказала на прывітанне маладога чалавека, на яго спагадлівыя пытанні пра жыццё-быццё і цёплым позіркам паглядзела яму ўслед.

Мой былы вучань, — патлумачыла. — Зорак з неба не хапаў, ды і хуліганістым рос, цяжка з ім прыходзілася. А цяпер вось пры сустрэчах заўсёды спыніцца, павітаецца, пра здароўе распытае. Твар настаўніцы раптам пасур’ёзнеў:
А на днях сустрэла іншага былога выхаванца: вучыўся амаль выдатна і такім уважлівым, ветлівым быў. А пасля таго, як школу скончыў ды форму міліцэйскую апрануў, побач праходзіць і паверх галавы глядзіць, як кажуць, ва ўпор не бачыць. Пэўна, фуражка вочы засціць?..

Згубілася…

Любоў да музыкі перадалася Алене ад дзеда і пра-дзеда: у свой час яны славіліся як знатныя мясцовыя гарманісты. Падрасла дзяўчына, сама навучылася выцягваць з мяхоў дзівоснага інструмента цудадзейныя гукі. Іншы раз так зачароўвалася імі, што пераставала заўважаць усё навокал.

Аднойчы вярталіся мы з сябрамі дамоў са свята, што праходзіла ў суседняй вёсцы, — думкі Алены выхапілі з памяці шчаслівыя імгненні маладосці і адлюстравалі іх у характэрных зморшчынках вакол вачэй. — Конік плаўна цягнуў воз па заснежанай дарозе. Сябры, крыху разгарачаныя добрым выступленнем перад суседзямі і чаркай на пасашок, то спявалі, то жартавалі-рагаталі. Я ўзяла ў рукі гармонік, закрыла вочы і — на нейкі час забылася пра ўсё на свеце. Апамяталася, калі адчула, што пальцы сталі непаслухмянымі. Божачкі, я ж у снезе сяджу! А вазок далё-ёка наперадзе… Сябры вярталіся па Алену ледзь не з самай вёскі: сярод агульнага вяселля раптам нехта заўважыў — штосьці гармоніка не чуваць…

(У этычных мэтах імёны герояў зменены).

Из рубрики