“Ціха! Лебедзь дзяцей родзіць…”

Сям’я сына жыла на ўскрайку пасёлка Першамайскі, які мясцовыя жыхары называлі Парыжам. Чаму? Не ведаю, але хутчэй за ўсё за прыгажосць навакольных мясцін. Рамантычнасць пасёлку надаюць старыя здзічэлыя сажалкі (казалі, яшчэ з часоў Польшчы – панскія). Тут можна было ўбачыць розных птушак: плаваюць лебедзі, качка ля самага берага з вывадкам, салаўі ў кустах з вясны да сярэдзіны лета заліваюцца…

У чарговы мой прыезд Максімка са сваімі сябрамі павёў мяне прагуляцца ля сажалак. Падыходзім да адной, спыняемся на беразе.

Баба, ціха, не крычы (хоць у мяне, здаецца, не было ні прычыны, ні намеру крычаць): там лебедзь дзяцей родзіць, – паўшэптам папярэджвае мяне ўнук.

І дзеці паказваюць на зараснік чароту, праз які прасвечваецца штосьці падобнае на купіну. Аказваецца, там ужо які час сядзіць на гняздзе лябёдка. Вось яно што! Унуку падумалася, што мяне трэба папярэдзіць, як сябе паводзіць.

У дзіцяці мо на нейкім генным узроўні з’явілася ўзвышанае пачуццё разумення таго,чым займаецца лябёдка, – таямніцы нараджэння новага жыцця. А ці заўсёды мы, дарослыя, з такім жа разуменнем ставімся да гэтага? Успомнім кадры з тэлеперадач, дзе дэманструюцца нават самыя інтымныя моманты зачацця жыцця. А потым і з працэсу родаў наладжваюць перадачы-шоу, ставячы крыж на святасці такіх момантаў…

Из рубрики