Марозаў ёсць і ў наш час

Усе, хто застаў гады перабудовы пасля развалу СССР, памятаюць пра пустыя прылаўкі ў крамах, абслугоўванне па талонах у вялікіх чэргах ці па знаёмстве.

Людзі пачалі сеяць большыя ніўкі і самі пяклі хлеб, садзілі вялікія агароды, трымалі па некалькі кароў і свіней, дзясяткі курэй – усё гэта для таго, каб забяспечыць сябе ежай. Мужчынам стала значна цяжэй жыць, бо трэба было падыміць цыгарэткай і ляснуць шкляначкі тры-чатыры гарэлачкі хоць раз на тыдзень – а дзе ўзяць? – крамы ж пустыя. І вось пачалі вырошчваць на сваіх агародах тытунь і гнаць гарэлачку для сваіх патрэб.

Малыя ж дзеці заўсёды ўсім цікавяцца і хочуць усё паспытаць. Гоніць гаспадыня, напрыклад, Ганна, гарэлачку, а ля ног круціцца маленькі сынок-падшыванец Юрык і кожныя пяць хвілін рэмжа: “Мамка, дай пакаштаваць, ну дай пакаштаваць…”  А маці яго адганяе ўбок і дае па патыліцы: «не блытайся, маўляў, між нагамі, алканаўт малы, у бацьку ўвесь пайшоў”.  Сама падкідае далей у парнічок дровы ды слоікі падстаўляе, а тут яе суседка Матрона кліча: “Ганна, ідзі сюды, спытаць нешта трэба!” Пакуль хадзіла наша Ганна да суседкі, пакуль гаманіла з ёю, Юрык наш улез у шкоду…. Сядзіць у варыўні ля самагоннага апарата, заціснуўшы балён з гарэлкай між ног, мачае туды палец, а потым аблізвае яго.  Ганна, убачыўшы гэта, аж узвілася: “Ах ты, алканаўт, ах ты, падшыванец!” – і натаўкла яму-такі добра шыю. Юрась жа наш, хлапец гадкоў 5–7, ад гэтай крыўды падхапіўся і, віхляючыся з боку ў бок, пабег па дарозе ў слязах, выкрыкваючы сваю крыўду на ўвесь голас: “…Скнара, гарэлкі ёй шкада даць сыночку свайму паспытаць, а як ёй самой  з татам дык можна?” Галасіў хлапчук на ўсё сяло. У гэты час праязджаў на веласіпедзе “добры дзядзька” – участковы  Мітрафан. Бачыць, хлопчык у істэрыцы, да  таго  ж нешта пра гарэлку лапоча. Ён спыніўся і завёў з ім гутарку. “Як цябе завуць?” – “Юрась”, – плача хлопчык. “А чаму ты плачаш?”– “Мамка набіла”, – кажа Юрась. “А за што?” – “Гарэлкі паспытаў”. – “Гарэлкі?! – перапытаў Мітрафан, і ажно вочы загарэліся ў яго, – Ану паказвай, дзе твая матуля, пойдзем разбірацца”. І павёў наш Юрась добрага дзядзьку на разборку з матуляй. Заходзяць яны ў варыўню, а там Ганна завіхаецца ля парніка і балёнамі грыміць. “Што ж вы, грамадзянка, дзіця пакрыўдзілі, ды яшчэ і закон парушаеце? – пытаецца Мітрафан, – Пратакольчык будзе!”

У выніку брагу вылілі, самагон канфіскавалі, а Ганне выпісалі штраф. Жанчына потым доўга яшчэ хадзіла і бубнела: “Вось нягоднік, родную мамку здаў, а паспрабуй надаваць ніжэй майкі, зноў здасць гэты “Марозаў”. З таго часу і прыліпла да хлопца мянушка Юрык “Марозаў”, з якой ён і жыве ўжо гадоў дваццаць.

Из рубрики